СУДО́ВЫ ПАЯДЫ́НАК,
у сярэдневяковым судовым працэсе спосаб вырашэння спрэчак шляхам узбр. барацьбы спрэчных бакоў.’ Рэгламентаваны Бургундскай і Рыпуарскай праўдамі (гл. Варварскія праўды), Саксонскім зярцалам і інш. тагачаснымі юрыд. крыніцамі. На Русі ў 13—16 ст. С.п. меў назву «поле». С.п. звычайна назначаўся паміж: спрачальнікамі; спрачальнікам і сведкам, чые паказанні спрачальнік лічыў ілжывымі; спрачальнікам і суддзёй, які, на думку першага, вынес несправядлівы прысуд. Саслоўныя адрозненні вызначалі выбар зброі: знатныя змагаліся на мячах, простыя людзі — на дубінках. Лічылася, што прайграў працэс той, хто першы ўпусціў зброю, або чыя кроў пралілася раней. Першыя абмежаванні С.п. былі ўведзены ў Англіі ў 12 ст., аднак перажыткі яго існавалі ў Еўропе амаль да 17 ст.
Г.А.Маслыка.
т. 15, с. 255
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)